Міжнародны дзень роднай мовы на нашым факультэце

21 лютага, у  Міжнародны дзень роднай мовы, на нашым факультэце адбылося прыгожае свята, якое сабрала выкладчыкаў і студэнтаў.  Цікавыя мерапрыемствы на факультэце пачаліся ад рання. Самая вялікая аўдыторыя ледзь змясціла ахвотнікаў пісаць дыктоўку па беларускай мове – акцыя аб’яднала ўсіх, хто любіць і шануе мову Айчыны.

Студэнты-журналісты разам са студэнтамі розных  нацыянальнасцяў удзельнічалі ў акцыі “Роднае слова з вуснаў ліецца”, падрыхтаванай супрацоўнікамі навуковай бібліятэкі ГрДУ. Чыталі вершы і пелі на беларускай, туркменскай, кітайскай і ўкраінскай мовах, а журналісты нават сталі ўдзельнікамі майстар-класу па вывучэнні туркменскай мовы.

 

Уечары на факультэт вярнулася міні-кафэ “Бізон”. Студэнты за кароткі час  зрабілі неверагоднае – распрацавалі сцэнарый і конкурсы,  адрэпетыравалі песні, упрыгожылі залу, запрасілі гасцей і ….шамат што яшчэ. Інфакомаўцы, гісторыкі, сацыёлагі, перакладчыкі, турысты, журналісты – усе аб'ядналіся дзеля агульнай справы. Так і павінна быць, праўда ж? Акрамя таго, вярнулася старая каманда – выпускнікі факультэта, стваральнікі міні-кафэ. Гэта было незабыўна. Гітарная музыка, жарты, рэпетыцыі да 22.00 вечара... І вось ўжо 21 лютага. 

На ўваходзе стаяць два студэнты. Яны вітаюць гасцей і павязваюць ім на руку стужку з беларускім  арнаментам. У зале ўсё, як у сапраўдным кафэ: столікі, барная стойка, афіцыянткі. На гадзінніку 18.30 – вечарына пачынаецца!

Цікавыя размовы Мікіты Шастаковіча ў ролі бармэна з госцяй кафэ Наталляй Васілюк. Жарты “зоркі” вечарыны – вясёлага вясковага хлапца  Максіма Федаровіча, які шукаў сабе нявесту. Ну і канешне ж, нашы музыкі і спевакі, куды ж без іх?

На вечары гучала шмат року: песні Лявона Вольскага ў выкананні Мікіты Цімакова, Паўла Кавальчука і выкладчыка А. С. Горнага,  "Капітал" ад Насці Дзедзелявай. Было шмат душэўных песень, за што доўгімі воплескамі студэнты дзякавалі Насці Шынкевіч, Ільі Хаданкову і Вікторыі Лісоўскай. Верш у выкананні Артура Барташа гучаў кранальна і захапляльна. Дарэчы, у нас былі госці з іншых факультэтаў, юрыдычнага і інжынерна-будаўнічага, якія выканалі папулярныя сярод моладзі песні. Дзякуй вам, хлопцы,  што пагадзіліся быць з намі!

І старая каманда, куды ж без яе... Антон Шаранкевіч, ён жа Бізон, Дзмітрый Станкевіч, Уладзіслаў Бернат, ці, як яго называюць сябры, Дзядзька... Дзякуй, што дапамаглі нам!

Дзякуем і афіцыянтам-дзяўчынам, без якіх гэты вечар не быў бы такім рамантычным: Станкевіч Лізавеце, Семашка Насці, Галуска Вользе і Шукайла Маргарыце.

Мы спадзяёмся, што вечарына, прысвечаная Дню роднай мовы, стане на нашым факультэце добрай традыцыяй. Фікітаўцы, далучайцеся!!!

Васілюк Наталля, 3 курс

http://fh.grsu.by/images/stories/news/2019/0091.jpg

http://fh.grsu.by/images/stories/news/2019/0092.jpg

 

http://fh.grsu.by/images/stories/news/2019/0094.jpg

http://fh.grsu.by/images/stories/news/2019/0095.jpg

http://fh.grsu.by/images/stories/news/2019/0096.jpg

http://fh.grsu.by/images/stories/news/2019/0097.jpg

 

Вход на сайт