Навуковая сустрэча на факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму

Вучоба – гэта не толькі знаёмства з тэкстамі і інфармацыйнымі рэсурсамі, але і цікавыя сустрэчы з людзьмі, якія ствараюць навуку і з’яўляюцца яе гонарам. Днямі на факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму прайшла сустрэча з такім чалавекам – сапраўдным прафесарам і асобай з вялікай літары – Аляксеем Міхайлавічам Пяткевічам.

Па ініцыятыве выкладчыка кафедры турызму і культурнай спадчыны Святланы Віктараўны Чувак прафесар А.М. Пяткевіч наведаў практычны занятак на дысцыпліне “Краязнаўства” у студэнтаў 1 курса спецыяльнасці “Турызм і гасціннасць”. Прафесар А.М. Пяткевіч добра вядомы далёка за межамі рэспублікі як выдатны спецыяліст у галіне беларускага літаратуразнаўства, як краязнаўца і актыўны член Саюза беларускіх пісьменнікаў. Аляксей Міхайлавіч змястоўна расказаў пра развіццё краязнаўства Гродзеншчыны, пра краязнаўцаў і пісьменнікаў нашага краю.

Напрыканцы студэнты папрасілі Аляксея Міхайлава расказаць пра сябе. Шмат гадоў прафесар А.М. Пяткевіч працаваў ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, у тым ліку і на кафедры турызму і культурнай спадчыны. Апошнім часам ён займаецца выключна навуковай дзейнасцю, але ніколі не адмаўляе моладзі ў падтрымцы і кансультацыі. Аляксей Міхайлавіч з’яўляецца аўтарам 16 кніг. Працу над апошняй ён скончыў не так даўно. Гэта кніга пад назвай “Аўтографы – разам”, якую Аляксей Пяткевіч паказаў на сустрэчы студэнтам спецыяльнасці “Турызм і гасціннасць”. У гэтай кнізе сабрана 577 аўтографаў, падпісаных спецыяльна для Аляксея Міхайлавіча ад знакамітых аўтараў і вядомых дзеячоў культуры Беларусі і Панямоння.

Сустрэча з сапраўдным класікам вельмі ўзрушыла студэнтаў. Па іх ініцыятыве куратар Таццяна Мікалаеўна Баярчук організавала ўдзел студэнтаў факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ў прэзентацыі апошней кнігі прафесара А.М. Пяткевіча ў Абласной бібліятэцы імя акадэміка Я. Карскага.

Дзякуючы такім сустрэчам для студэнтаў факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму курс “Краязнаўства” набывае рысы канкрэтных цікавых асобаў і значных падзей. Спадзяемся, што для асобных студэнтаў краязнаўства стане справай жыцця і гонару.

1261.jpg - 109.84 KB

1262.jpg - 78.83 KB

Вход на сайт