Мы ўсе жывём пад зоркамі матуль…

“Мы ўсе жывём пад зоркамі матуль, і гэты свет сагрэлі нам матулі…” – сказаў аднойчы ў адным са сваіх вершаў, прысвечаных самаму блізкаму ў свеце чалавеку, народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін. Дзень маці, які святкуецца ў нашай краіне ў сярэдзіне кастрычніка, стаў выдатнай нагодай, каб сказаць цёплыя словы сваім матулям і пра сваіх матуль, у тым ліку і ў сценах роднай альма-матэр.

Сярод шматлікіх яскравых факультэцкіх мерапрыемстваў, прысвечаных гэтаму цудоўнаму дню, студэнты 3 курса спецыяльнасці “Турызм і гасціннасць” разам з куратарам групы Жылко У. А. 16 кастрычніка правялі тэматычную гульню-віктарыну ў межах куратарскай гадзіны. Студэнты паглыбілі свае веды пра гісторыю свята ў розных краінах, прыгадалі палабенствы і адрозненні ў святкаванні Дня маці. Дзякуючы займальным пытанням, падрыхтаваным куратарам, трэццякурснікі ўспомнілі вядомых ва ўсім свеце мам (багінь, царыц, пісьменніц, палітыкаў, навукоўцаў, Нобелеўскіх лаўрэатаў), даведаліся, чаму некаторыя гарады маюць ласкавую прыстаўку “мама”, разгледзелі сімвалічныя ўвасабленні і пераасэнсаванні архетыпа Маці ў розных культурах свету, у тым ліку ў роднай, беларускай. Удзельнікам віктарыны надзвычай цікава было праверыць уласныя веды ў галіне мастацкай культуры: адным з прапанаваных заданняў было здагадацца па мастацкай манеры, каму з сусветна вядомых мастакоў належыць карціна, на якой адлюстраваны сімвал мацярынства. З лёгкасцю і не без гонару студэнты пазналі знакамітых Мадон Рафаэля і Леанарда, Далі і Мунка, адзначылі сярод астатніх “Партызанскую мадону” і “Чарнобыльскую мадону” М.Савіцкага, прысвечаных катастрофам ХХ ст.

У каманднай гульні-віктарыне перамагло сяброўства, усе ўдзельнікі атрымалі сімвалічныя прызы на памяць. Каб захаваць эмацыйны момант ад светлай нагоды, заняткі скончыліся цудоўнай песняй на словы беларускага паэта Генадзя Бураўкіна, прысвечанай матулі: “Ты мне родная самая па душы, па крыві, ты жыві, мая мама, доўга-доўга жыві…”

http://fh.grsu.by/images/stories/news/2018/0956.jpg

http://fh.grsu.by/images/stories/news/2018/0954.jpg

http://fh.grsu.by/images/stories/news/2018/0955.jpg

http://fh.grsu.by/images/stories/news/2018/0957.jpg

http://fh.grsu.by/images/stories/news/2018/0958.jpg

http://fh.grsu.by/images/stories/news/2018/0959.jpg

http://fh.grsu.by/images/stories/news/2018/0960.jpg

http://fh.grsu.by/images/stories/news/2018/0961.jpg



Вход на сайт