Рэспубліканская студэнцкая навукова-практычная канферэнцыя на факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму

30-31 сакавіка 2018 г. на факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму адбылася Рэспубліканская студэнцкая навукова-практычная канферэнцыя «Гісторыя археалагічнага вывучэння Беларусі: стан і перспектывы (да 80-годдзя М.М. Чарняўскага)», арганізатарамі якой выступілі кафедра гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін і студэнцкі навуковы гурток “НіКа”. Канферэнцыя была прысвечана юбілею вядомага беларускага археолага і гісторыка Міхаіла Міхайлавіча Чарняўскага, які ўнёс вялікі ўклад у даследаванні помнікаў археалогіі Панямоння і Падзвіння. У канферэнцыі прынялі ўдзел маладыя даследчыкі з Інстытута гісторыі НАН РБ, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, СШ № 39 г. Гродна і Лялюкінскай сярэдняй школы Іўеўскага раёна. Тэматыка дакладаў была прысвечана ўкладу ў беларускую археалогію і значэнню дзейнасці М. Чарняўскага, вынікам даследаванняў помнікаў каменнага веку Беларусі, клеймам-знакам на цэгле і посудзе XI – XII стст., даследаванням Ю. Ядкоўскага каля в. Берштаўскае і І.В. Бірулі на Палессі, археалагічным даследаванням на тэрыторыі Іўеўскага раёна ў 2015-2017 гг., знаходкам з даследаванняў на Старым замку Гродна ў 2017 г., археалагічнаму вывучэнню рамесленых і прамысловых комплексаў XIV-XVIII стст. на террыторыі Беларусі, міждысцыплінарнаму падыходу у архітэктурна-археалагічных даследаваннях.

 

У пачатку канферэнцыі адбылося адкрыццё адноўленай галерыі факультэта і выставы “Час і людзі”, якая прысвечана гісторыі развіцця археалагічнай навукі ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце. Падчас канферэнцыі адбыліся прэзентацыі двух праектаў, якія выклікалі вялікую цікавасць удзельнікаў. Праект BELZAMKI.BY накіраваны на папулярызацыю гістарычных ведаў аб Беларусі. Аўтары праекта Ксенія і Ігар Адасікі імкнуцца прыцягнуць увагу да багацця і разнастайнасці гістарычнай спадчыны шляхам распрацоўкі і склейвання папяровых мадэляў знакамітых архітэктурных і археалагічных помнікаў Беларусі. За перыяд існавання праекта распрацавана больш за 30 мадэляў архітэктурных і археалагічных помнікаў Беларусі, праведзена вялікая колькасць майстар-класаў.

Вядомы беларускі археолаг дацэнт Інстытута парламентарызму і прадпрымальніцтва, вядучы навуковы супрацоўнік Музея гісторыі горада Мінска, кандытат гістарычных навук Сяргей Васільевіч Тарасаў прадставіў сваю кнігу “Археалогія Беларусі: Час, тамніцы, скарбы, людзі. Нататкі археолага”. Гэта не падручнік, не сістэматычнае апісанне археалагічных методык і помнікаў. Хутчэй археалогія, якая прайшла праз жыццё аднаго канкрэтнага чалавека, убачаная яго вачыма і прачутая яго сэрцам. У розных раздзелах кнігі ёсць і археалагічныя помнікі, і скарбы, і таямніцы, і дзівацтвы дылетантаў. Аднак галоўнае –  людзі, якія стваралі і ствараюць археалагічную навуку Беларусі ў мінулым і сёння.

Удзельнікі канферэнцыі мелі магчымасць наведаць раскопкі ў Старым замку Гродна, Барыса-Глебскую царкву, гарадзішчы ў Індуры, Верхаўлянах, археалагічны комплекс у Ваўкавыску і крэмнездабываючыя шахты пад Краснасельскам. Вынікі канферэнцыі будуць апублікаваны ў зборніку навуковых прац.

http://fh.grsu.by/images/stories/news/2018/0424.JPG

http://fh.grsu.by/images/stories/news/2018/0425.JPG

 

http://fh.grsu.by/images/stories/news/2018/0426.JPG

http://fh.grsu.by/images/stories/news/2018/0427.JPG

http://fh.grsu.by/images/stories/news/2018/0428.JPG

http://fh.grsu.by/images/stories/news/2018/0429.JPG

http://fh.grsu.by/images/stories/news/2018/0430.JPG

http://fh.grsu.by/images/stories/news/2018/0431.JPG

http://fh.grsu.by/images/stories/news/2018/0432.JPG

 

 

 

Вход на сайт