“Пачынаецца ўсё з любві…”: наўздагон прамінуламу Дню закаханых студэнты 2 курса спецыяльнасці “турызм і гасціннасць” паўдзельнічалі ў тэматычнай гульні-віктарыне
“Пачынаецца ўсё з любві, а інакш і жыць немагчыма…” – гэтыя неўміручыя словы “палескай ластаўкі”, белураскай паэткі Яўгеніі Янішчыц найбольш выразна акрэсліваюць стваральную сілу, значнасць любові, кахання ў нашым жыцці. Тэме кахання прысвячаюць песні паэты, каханне ў гісторыі сусветнай і айчыннай культуры выступае натхняльнай сілай – у імя яго здзяйсняюцца высакародныя ўчынкі, якія рухаюць гісторыю наперад.
Наўздагон прамінуламу Дню закаханых у межах куратарскай гадзіны студэнты спецыяльнасці “Турызм і гасціннасць” прынялі ўдзел у займальнай тэматычнай гульні-віктарыне, падрыхтаванай куратарам групы Жылко У.А. Гульня была накіравана на выхаванне станоўчых якасцей асобы на аснове базавых каштоўнасцей любові, узаемаразумення, спагады, ахвярнасці. Падчас каманднай гульні студэнты праявілі кемлівасць у вызначэнні сімвалаў кахання, вернасці, дабрыні, успомнілі, чым адрозніваюцца ў беларускай мове словы “любоў” і “каханне”. У адным з раундаў прыгадалі вядомыя ў сусветнай і айчыннай культуры гісторыі вялікага кахання, часам, трагічнага, часам шчаслівага: Рамео і Джульета, Адам Міцкевіч і Марыля Верашчака, Кастусь Каліноўскі і Марыя Ямант, Жыгімонт Аўгуст і Барбара Радзівіл, Марк Шагал і Бэла. Як будучым адмыслоўцам у сферы турызму і экскурсійнай справы, другакурснікам найбольш цікавым было заданне на выяўленне месцазнаходжання адзінага на Беларусі помніка Святому Валянціну, помніка Яну і Цэцыліі, а таксама пошуку ў прасторы горада Гродна адмысловых месцаў, сімвалічна звязаных з каханнем: лава для прымірэння ў Швейцарскай даліне, лесвіца закаханых паміж Старым і Новым замкамі і інш. Найбольшы азарт выклікаў творчы раунд па прыгадванні песень пра каханне – гэта была выдатная магчымасць прадэманстраваць свае здольнасці ў сумесным камандным выкананні музычнага твора. Прыемна адзначыць, што студэнцкая моладзь добра арыентуецца не толькі ў сучаснай папулярнай культуры, але і ведае песні на вершы класікаў.
Напрыканцы гульні ўсе ўдзельнікі атрымалі памятныя паштоўкі і салодкі пачастунак з нагоды ўсіх прамінулых лютаўскіх святаў. Віктарына прайшла ў цёплай сяброўскай атмасферы і пакінула пазітыўныя ўражанні ва ўсіх.