Новы Запавет на сучаснай беларускай мове: студэнты факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму папрысутнічалі на прэзентацыі перакладу Бібліі

16 лістапада некаторыя студэнты спецыяльнасці “Турызм і гасціннасць” разам з выкладчыкамі кафедры турызму Жылко У.А., Баярчук Т.М. наведалі цікавае мерапрыемства на базе Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі ім. А.Макаёнка. Там адбылася прэзентацыя выдання “Новага Запавету Госпада нашага Іісуса Хрыста” – вынік 25-гадовай працы Біблейскай камісіі Беларускай праваслаўнай царквы па перакладзе 27 кніг Новага запавету на беларускую мову.

Правільны настрой для вечарыны задалі супрацоўнікі бібліятэкі, якія на пачатку выканалі для ўсіх прысутных беларускі духоўны гімн “Магутны Божа” на словы паэткі Наталлі Арсенневай. На прэзентацыі выступіў прадстаўнік Гродзенскай праваслаўнай епархіі клірык Свята-Уладзімірскай царквы протаіерэй айцец Андрэй Яварэц.

Ён падкрэсліў неацанімую значнасць пераклада кніг Святога Пісання на нацыянальную мову, да якой нарэшце спрычыніліся і беларусы пасля шматлікіх першых крокаў у гэтым накірунку, зробленых яшчэ ў мінулым стагоддзі. Сімвалічнай падаецца і год, калі кніга  пабачыла свет – вядома, што сёлета адзначаецца 500-годдзе з пачатку беларускага кнігадрукавання. Працягваючы справу слыннага першадрукара Францішка Скарыны, айцец Андрэй адзначыў у планах перакласці Стары Запавет і Псалтыр.

Адметна, што сінаідальны пераклад Новага Запавету на беларускую мову ажыццяўляўся з арыгіналу – з грэчаскай мовы. Вядома, што над перакладам Бібліі працавалі кандыдат багаслоўя протаіерэй Сергій Гардун, бакалаўр багаслоўя протаіерэй Аляксандр Пачопка, доктар філалагічных навук Іван Чарота, кандыдат філалагічных навук Уладзімір Васілевіч, кандыдат багаслоўя Алесь Кароль. Гэта вынік супольнай працы царквы і навукоўцаў.

Запамінальным момантам прэзентацыі была музычная частка і віктарына для ўдзельнікаў прэзентацыі, падрыхтаваная супрацоўнікамі бібліятэкі. Студэнты адказвалі на пытанні, шукалі ў кнізе патрэбныя ўрыўкі з тэксту і зачытвалі іх уголас.

http://fh.grsu.by/images/stories/news/2017/0517.jpg

http://fh.grsu.by/images/stories/news/2017/0518.jpg

 

http://fh.grsu.by/images/stories/news/2017/0519.jpg

http://fh.grsu.by/images/stories/news/2017/0520.jpg

http://fh.grsu.by/images/stories/news/2017/0521.jpg

Вход на сайт