“Гудзевічы, якія гудуць на ўсю Беларусь”: студэнты факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму наведалі знакаміты Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей
Студэнты 1-2 курсаў спецыяльнасці “Турызм і гасціннасць” з экскурсіяй наведалі Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей. Галоўнай мэтай вандроўкі было не толькі знаёмства з унікальнымі артэфактамі знакамітага музея, створанага настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Алесем Мікалаевічам Белакозам. Студэнтам было карысна пашырыць свій будучы прафесійны досвед пра турыстычны патэнцыял мясцовасці з мэтай выкарыстання ў далейшай прыктыцы адмыслоўцаў турыстычнай сферы.
З арганізацыяй паездкі дапамаглі выкладчыкі кафедры турызму і культурнай спадчыны Віталь Рыгоравіч Карнялюк, Таццяна Мікалаеўна Баярчук, Анжаліка Віктараўна Леговіч, Ульяна Аляксандраўна Жылко
Гасцінныя экскурсаводы музея пазнаёмілі студэнтаў з трыма заламі, якія адкрыты сёння для наведвання: літаратурнай залай, залай народнага ткацтва і этнаграфічнай залай-хаткай. У літаратурнай залі студэнтам пашчасціла пабачыць вялікую колькасць сапраўдных рукапісных лістоў, напісаных знакамітымі беларускімі паэтамі, пісьменнікамі, кампазітарамі, касманаўтамі, мастакамі, у адказ на лісты мясцовых школьнікаў-гурткоўцаў. Можна толькі ўявіць сабе, наколькі гэта быў хвалюючы і ўзрушаны момант – атрымаць колішняму школьніку адказ ад Зоські Верас, Уладзіміра Кавалёнка і іншымі знакамітымі беларусамі. Такой была методыка патрыятычнага выхавання ў Алеся Мікалаевіча.
Найбольшую цікавасць у студэнтаў выклікала прадстаўлены ў залі фрагмент працоўнага кабінета вядомай беларускай паэткі Ларысы Геніюш з друкавальнай машынкай, на якой яна набірала вершы, кнігамі, старонкамі з перапіскі з Васілём Быкавым, Янкам Брылём... Вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч у свой час даслаў для музейнай калекцыі асадку, якой пісаў свой знакаміты раман “Каласы пад сярпом тваім”.
У залі народнага ткцтва можна было пазнаёміцца з традыцыйным алгарытмам апрацоўкі ільну ад моманту збірання з поля да ткання на станку льняных дываноў. Больш за тое, студэнты атрымалі магчымасць даведацца пра ўнікальную мясцовую тэхніку падвойнага ткацтва, адметнасці якой практычна адраджаюцца на базе музея. У музеі змешчана багацейшая калекцыя падвойных дываноў, два з якіх маюць больш за сто гадоў (1898 г., 1900 г.).
Найбольш спадабалася студэнцкай аўдыторыі, асабліва замежным студэнтам, пабываць у аўтэнтычнай драўлянай сялянскай хатцы ХІХ ст., харакэрнай для рэгіёну Панямоння, пазнаёміцца з інтэр’ерам традыцыйнага беларускага жылля, побытавым начыннем, патрымаць у руках качаргу, чапялу, пугу. Этнаграфічная хатка ў Гудзевічах наглядна дэманструе, наколькі нашы продкі былі працавітыя, разумныя, сумленныя, добрыя і вельмі гасцінныя. Доказам таму з’яўляецца шчырае запрашэнне ад шаноўных супрацоўнікаў музея на адметнае святкаванне Калядаў і Масленіцы, падчас якіх у хатцы нават прапальваецца печ: этнаграфічная хата ў Гудзевічах актыўна задзейнічана ў разнастайных абрадах. Суцэльны інтэрактыў, які так упадабаны турыстамі!
Пасля пазнавальнай экскурсіі ў музеі, студэнты і выкладчыкі наведалі мясцовыя могілкі, дзе ўшанавалі памяць стваральніка музея Алеся Мікалаевіча Белакоза, дзякуючы якому пра Гудзевічы ведаюць не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. На вялікі жаль, не давялося студэнтам-купалаўцам пазнаёміцца з цікавым чалавекам – у мінулым годзе яго не стала. На могілках спачывае і дзед Ларысы Геніюш Павел Міклашэвіч.
На зваротным шляху з мэтай рэфлексіі і замацавання атрыманых падчас вандроўкі ведаў куратар другакурснікаў У.А.Жылко правяла для студэнтаў займальную віктарыну, пераможцы якой атрымалі памятныя сімвалічныя падарункі. Выключна добры настрой і самыя цудоўныя ўражанні вызначылі дадзены студэнцка-выкладчыцкі ваяж па мясцінах Гродзеншчыны.