На факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму 2 лістапада 2017 года прайшла дыскусійная панэль «Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 года ў беларускай і сусветнай гісторыі: гістарычная памяць, урокі, лёсы»

Праз арганізацыю форуму, прысвечанага 100-годдзю лёсавызначальнай падзеі ў беларускай гісторыі, прафесійная супольнасць факультэта далучылася да ідэі, якая рэалізуецца сёння ў многіх краінах свету, – адкрытага абмеркавання прычын і наступстваў Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года, асэнсавання значнасці падзеі, якая змяніла ход сусветнай гісторыі.

Удзельнікамі мерапрыемства сталі выкладчыкі, аспіранты, магістранты і студэнты факультэта, зацікаўленыя ў абмене меркаваннямі, пошуку новых ведаў, знаходжанні агульных ідэяў і рашэнняў. Запрошаныя эксперты – спецыялісты ў розных галінах ведаў – задалі тон дыскусіі.

 

Прафесар, кандыдат гістарычных навук Валерый Мікалаевіч Чарапіца адзначыў ролю Кастрычніцкай рэвалюцыі ў сусветнай гісторыі, указаў на рознае бачанне значнасці рэвалюцыйных пераўтварэнняў у мінулым і ў сучаснасці.

Мітрафорны пратаіерэй Велісейчык Міхаіл, клірык прыходу прэпадобнамучаніка Серафіма Жыровіцкага г.Гродна, закрануў пытанні ролі царквы ў жыцці тагачаснага грамадства, узаемаадносін царквы і рэвалюцыі, упадку духоўных каштоўнасцей у паслярэвалюцыйных ўмовах.

Кандыдат філалагічных навук Руслан Канстанцінавіч Казлоўскі засяродзіў увагу на розных падыходах да адлюстравання рэвалюцыйных падзей 1917 года ў беларускай літаратуры, адзначыў кірункі ўплыву рэвалюцыйных пераўтварэнняў на развіццё літаратурнага працэсу.

Доктар педагагічных навук Мурашоў Аляксандр Аляксандравіч прэзентаваў ўласны пункт гледжання на ролю асобы ў гісторыі, падкрэсліў важнасць усебаковага вывучэння гістарычных фактаў і немагчымасць адназначнай ацэнкі мінулага.

Кандыдат культуралогіі Сяргей Уладзіміравіч Данскіх закрануў пытанні захавання памяці пра рэвалюцыю 1917 года ў культурнай прасторы горада Гродна, акрэсліў уласнае меркаванне наконт ідэі апелявання да савецкага мінулага пры развіцці турыстычнага патэнцыялу Беларусі. 

Кандыдат сацыялагічных навук Мікалай Лявонцьевіч Мыслівец прэзентаваў вынікі сацыялагічнага даследавання, прысвечанага праблеме фарміравання гістарычнай свядомасці сучаснай студэнцкай моладзі, засяродзіў увагу аўдыторыі на пытаннях захавання гістарычнай памяці пра рэвалюцыйныя падзеі 1917 года і стаўлення студэнтаў да гістарычнага мінулага.

Мадэратарам дыскусіі выступіў кандыдат гістарычных навук Аляксандр Сяргеевіч Горны. Ён накіроўваў ход абмеркавання тэмы, праводзіў паралелі паміж выступамі экспертаў, акцэнтаваў увагу на найбольш важных пытаннях, прыводзіў дадатковыя яркія і запамінальныя факты з гісторыі і літаратуры.

Да дыскусіі актыўна далучылася факультэцкая супольнасць. Прысутныя ў аўдыторыі апелявалі да дзейнасці Францыска Скарыны, Пятра І, Максіма Гарэцкага, Янкі Купалы, Освальда Шпенглера, называлі прычыны Кастрычніцкай рэвалюцыі, вытлумачвалі яе эканамічныя, культурныя, ментальныя перадумовы, звярталі ўвагу на ідэю гістарычнай непазбежнасці рэвалюцыі, указвалі на небяспечнасць супрацьпастаўлення класавых і агульначалавечых каштоўнасцей, давалі шматлікія ацэнкі, агучвалі прапановы па захаванні гістарычнай памяці, неаднаразова падкрэслівалі важнасць вывучэння гісторыі і засвойвання яе ўрокаў.

Удзельнікі дыскусійнай панэлі адзначылі актуальнасць правядзення падобных мерапрыемстваў на факультэце, іх ролю ў выпрацоўцы агульных каштоўнасцей, арганізацыі плённых карпарацыйных сувязей, падкрэслілі зацікаўленасць у развіцці ідэі адкрытага абмеркавання надзённых пытанняў.

 Ірына Герасімчык

Вход на сайт