Падарожжа ў свет кнігі: студэнты 2 курса спецыяльнасці “Турызм і гасціннасць” наведалі выставу “Таямніцы старых пераплётаў”

"Любіце кнігу, бо яна – крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы" – такі запавет сваім нашчадкам пакінуў беларускі першадрукар і асветнік Францыск Скарына ў далёкім XVI стагоддзі. Чарговы раз пераканацца ў значнасці кніжнай справы для развіцця культуры змаглі студэнты 2 курса спецыяльнасці “Турызм і гасціннасць” падчас наведвання разам з куратарам групы Жылко Ульянай Аляксандраўнай выставы “Таямніцы старых пераплётаў” у Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі. Сваім удзелам у мерапрыемстве студэнты вырашылі спрычыніцца да сёлетняга святкавання знакавай даты для айчыннай і ўсёй еўрапейскай культуры – 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.

Экскурсавод паведаміла студэнтам, што ў Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі захоўваецца адна з самых багатых кніжных калекцый  Беларусі – звыш 20 тысяч рэдкіх кніг. Наведвальнікі выставы атрымалі ўнікальную магчымасць пазнаёміцца з арыгіналамі старадрукаў. Студэнтам пашчасціла пабачыць рукапісную тору, даўнія інкунабулы, “Трактат па логіцы” прафесара Кракаўскага ўніверсітэта Яна Глагоўскага, які выкладаў філасофію ў Францыска Скарыны.  Валодаючы даволі багатым базісам ведаў па гісторыі айчыннай і еўрапейскай культуры, другакурснікі з вялікім імэтам пазнавалі сярод аўтараў прадстаўленых на выставе старадрукаў ужо знаёмыя прозвішчы выдатных дзеячаў гісторыі і культуры: бацькі рэфармацыйнага руху Марціна Лютэра, які ў свой час верагодна мог сустракацца і палемізаваць па значных пытаннях з беларускім першадрукаром, Франчэска Петраркі, збор твораў якога быў пазначаны тагачаснымі цэнзарамі ад царквы рукапісным запалохваючым надпісам на лацінскай мове “Асцярожна, ерась!”. Даволі пазнавальна будучым адмыслоўцам турыстычнай галіны  было пазнаёміцца з “Хронікай Еўрапейскай Сарматыі” Аляксандра Гваньіні, які ўпершыню змясціў у кнізе партрэты вялікіх князёў ВКЛ. Падчас займальнага аповеду экскурсавода музея пра асобныя таямніцы стварэння кнігі, студэнты пашырылі веды пра старажытны спосаб вырабу паперы з рыззя і анучаў, бліжэй пазнаёміліся з элементамі афармлення кнігі (тытульным лістом, каляровымі ілюстрацыямі і буквіцамі, разнастайнасцю шрыфтоў, багатай аздобай пераплётаў, экслібрысамі). Увагу другакурснікаў прыцягнула самая высокая кніга, якая экспанавалася ў залі Новага замка, – “Рэдкія расліны” вядомага нямецкага батаніка Хрыстафора Трэва. Паводле слоў экскурсавода, у розных бібліятэках Еўропы знаходзіцца ўсяго каля 10 экземпляраў гэтай кнігі, таму нашаму гораду надзвычай пашчасціла валодаць такім унікальным асобнікам.  Не засталіся без увагі студэнтаў прадстаўленыя на выставе тамы  з каралеўскіх і імператарскіх бібліятэк Людовіка XV,   Станіслава Аўгуста Панятоўскага, Кацярыны II, пазначаныя адпаведнымі экслібрысамі.

Адметна, што сярод старадрукаў на выставе  прадстаўлена і цалкам сучаснае перавыданне паэмы “Песня пра зубра” Міколы Гусоўскага 2008 года, якое таксама вызначаецца унікальнасцю афармлення і сваім абмежаваным накладам. Такі падарунак музею горада зрабіў аўтар выдатных гравюр-ілюстрацый да паэмы, таленавіты мастак-графік Юрый Якавенка. Такім чынам, можна з упэўненасцю сцвярджаць, што друкаваная кніжная справа, распачатая на нашых землях 500 год таму выбітным сынам слаўнага горада Полацка Францыскам Скарынай,  мае выдатны працяг у сучаснасці, а цікавасць да яе багатай гісторыі ў моладзі не знікае.


 

Вход на сайт