75 год доктару гістарычных навук М.А. Ткачову
10 сакавіка споўнілася б 75 гадоў выбітнаму беларускаму дзеячу, гісторыку і археолагу Міхасю Ткачову, які з 1978 па 1989 гады працаваў у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце і пакінуў значны след у падрыхтоўцы гісторыкаў 80-х гг. З гэтай нагоды, кафедрай гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін сумесна з студэнцкім навукова-даследчым гісторыка-краязнаўчым гуртком “НіКа” быў праведзены круглы стол “Праблемы вывучэння і захавання археалагічнай і ваенна-гістарычнай спадчыны ў Беларусі (да 75-годдзя М.А. Ткачова)”.
У яго працы прынялі ўдзел студэнты і выкладчыкі нашага факультэта гісторыі, камунікацыі і турызма, а таксама вучоныя з Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, якія асабіста ведалі М. Ткачова. Тэмы, якія абмяркоўваліся пад час працы круглага стала, былі звязаны са станам вывучэння і захавання гістарычнай спадчыны Беларусі. Загадчык кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін доктар гістарычных навук С.А. Піваварчык (які быў мадэратарам круглага стала) адзначыў ролю і ўплыў М. А. Ткачова на развіццё археалагічнай навукі Беларусі. Старшы выкладчык Дабрыян А. А. прасачыў уплыў Ткачова на фарміраванне інтарэсу да археалогіі ў студэнтаў. Кіраўнік навуковага студэнцкага гуртка “НіКа” А.Д. Гаршкоў прааналізаваў каменныя сякеры як навуковую спадчыну Міхася Ткачова. Навуковыя супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдаты гістарычных навук І.У. Ганецкая і Л.У. Калядзінскі распавялі пра развіццё фартыфікацыі Глускага замка ў XVI-XVII стст. і археалагічныя даследаванні на тэрыторыі Беларусі ў 2014-2015 гг. Трэба адзначыць, што праца круглага стала далёка вышла за адведзеныя храналагічныя рамкі, што гаворыць аб шматграннасці постаці М.А. Ткачова і яго спадчыне, пра якую можна распавядаць гадзінамі. На круглым стале была арганізавана выстава бібліяграфічнай спадчыны М. Ткачова і фотаздымкаў, звязаных з яго навуковай і педагагічнай дзейнасццю. На памяць аб выдатным навукоўцу і чалавеку, лёс якога быў звязаны з нашым універсітэтам, усе прысутныя атрымалі кішэнны каляндарык на 2017 год, а на памятнай дошцы па вуліцы Будаўнікоў, дзе М. Ткачоў жыў з 1978 па 1989 гг. былі ўскладзены кветкі.