ІІІ абласная адкрытая навукова-практычная краязнаўчая канферэнцыя вучняў «КУПАЛАЎСКАЯ ВЫШЫНЯ» – ужо гісторыя

18 красавіка ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы адбылася ІІІ абласная навукова-практычная краязнаўчая канферэнцыя «Купалаўская вышыня». Маштабны краязнаўчы форум аб’яднаў больш за 300 вучняў 8-11 класаў з усёй Гродзенскай вобласці. Удзельнікамі фінальнага этапу канферэнцыі сталі 160 юных даследчыкаў, якія прапанавлі вынікі сваёй навуковай працы на 14 секцыях па шырокаму спектру краязнаўства Гродзеншчыны.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуліся прарэктар па навуковай працы Наталля Зігмундаўна Башун, намеснік дэкана факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Андрэй Казіміравіч Гецэвіч. Таксама перад школьнікамі выступіў дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Аляксандр Сяргеевіч Горны – ён расказаў пра асаблівасці краязнаўчай працы. Мадэратарам навуковага мерапрыемства выступіў дацэнт кафедры турызму і культурнай спадчыны Віталь Рыгоравіч Карнялюк. Менавіта ён ужо шмат гадоў з’яўляецца ініцыятарам гэтага форума для школьнікаў Гродзеншчыны.

Каманда аднадумцаў: супрацоўнікі кафедры турызму і культурнай спадчыны ГрДУ імя Янкі Купалы разам з пастаянным партнёрам – Гродзенскім абласным цэнтрам турызму і краязнаўства - зрабіла навуковы форум сапраўдным акадэмічным святам краязнаўства як для вучняў, так і для настаўнікаў і выкладчыкаў навучальных устаноў з усёй Гродзенскай вобласці.

«Купалаўская вышыня» — гэта не проста канферэнцыя, а сапраўдны старт для юных даследчыкаў. Ужо сёння яе ўдзельнікі папоўнілі шэрагі моладзевага краязнаўчага руху Гродзеншчыны. А значыць, новыя адкрыцці і новыя імёны — не за гарамі. Запрашаем усіх на IV канферэнцыю ў наступным годзе. Уздымайцеся на «Купалаўскую вышыню» разам з намі!

Вход на сайт