Материалы

Археалагічныя знаходкі Палаца Вялікіх Князёў Літоўскіх

Упершыню ў Гродне экспануецца выстава “Археалагічныя знаходкі Палаца вялікіх князёў літоўскіх. Паўсядзённасць віленскага двара” з фондаў Нацыянальнага музея “Палац вялікіх князёў літоўскіх” (Вільнюс).

Сёння палац уяўляе сабой адноўлены ў пачатку ХХІ стагоддзя будынак так званага Ніжняга замка, існаваўшага прыкладна ад XVI да пачатку ХІХ ст. У гэты час палац быў цэнтрам кіравання ўсёй дзяржавай – Вялікім Княствам Літоўскім. У ім размяшчалася вялікакняская рэзідэнцыя, адтуль разыходзіліся палітычныя і гаспадарчыя распараджэнні, вайсковыя загады, культурныя і мастацкія павевы, тэндэнцыі новай моды.

З 1987 г. на тэрыторыі Ніжняга замка праводзіліся археалагічныя даследаванні 6-8-метровага, багатага археалагічнымі знаходкамі культурнага слою. Вынікі даследаванняў наведвальнкі могуць убачыць на выставе, дзе прадстаўлены экспанаты, якія адлюстроўваюць гісторыю, паўсядзённасць і побыт вялікіх князёў літоўскіх, іх двара і атачэння ў эпохі готыкі, рэнесансу і барока – у XIV–XVII стст.

Тэма раскрываецца ў пяці розных зрэзах: дэкор інтэр’ера і сістэма ацяплення рэзідэнцыі, вайсковая справа, посуд і ежа, гігіена і санітарыя, упрыгажэнні. Амаль 300 каштоўных знаходак, вырабленых з дрэва, каменя, металу, гліны, косці і іншых матэрыялаў, знаёмяць наведвальнікаў з элементамі аздаблення палацавых залаў, даспехамі і ўзбраеннем замкавага гарнізона, традыцыямі харчавання жыхароў гаспадарскага двара, тонкасцямі ўяўленняў аб тагачаснай прыгажосці і з некаторымі асаблівасцямі сярэднявечнага ўкладу жыцця.

Асноўны храналагічны акцэнт выставы – XV – першая палова XVII ст. У гэты перыяд віленскі вялікакняскі палац квітнеў, успрымаў ды пашыраў модныя элементы паўсядзённага побыту і раскошы не толькі па ўсім Вялікім Княстве Літоўскім, але і па-за яго межамі. Збор археалагічных знаходак гэтага перыяду вельмі багаты, разнастайны, рэпрэзентатыўны і інфармацыйны. Ён дае ўяўленне не толькі пра мясцовыя звычаі, але і пра агульныя тэндэнцыі ў паўсядзённым жыцці ва ўсёй Еўропе.

Унікальныя археалагічныя знаходкі з Палаца вялікіх князёў літоўскіх, апрача Літвы і Беларусі, ужо экспанаваліся ў музеях Польшчы і Германіі.

Кошт білета: дарослыя – 2 рублі, студэнты – 1 руб. 70 капеек, вучні – 1 руб. 50 капеек. Уваходны білет на выстаўку з інтэрактыўным блокам – 1 руб. 80 капеек.

Выстаўка працуе да 13 лістапада.

Музей працуе кожны дзень з 10.00 да 18.00. Каса да 17.30.

Кантактныя тэлефоны: 74-02-72, 74-48-89.

Гродна, вул. Замкавая, 16. www.muzej.by

Вход на сайт